СТАНАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,
сістэма горных хрыбтоў ва Усх. Сібіры і на Д. Усходзе Расіі, пераважна ў Якуціі (Саха) і Амурскай вобл.; водападзел паміж басейнамі рэк Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Працягваецца ад сярэдняга цячэння р. Алёкма да вытокаў р. Учур (бас. р. Алдан). Даўж. каля 700 км, шыр. 100—180 км. Пераважаюць выш. 1500—2000 м, найб. 2412 м. 2 паралельныя хрыбты падзелены падоўжнымі далінамі. Складзены з дакембрыйскіх і ніжнепалеазойскіх адкладаў, у шматлікіх мясцінах перарваных інтрузіямі гранітаў. Шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, рэдкіх металаў, кам. і бурага вугалю, жал. руды, слюды. Клімат суровы, кантынентальны. Зіма халодная і працяглая, маразы да -30, -40 °C. Ападкаў каля 500 мм за год (да 80% выпадае летам). Рэкі бас. Лены і Амура. Схілы да 1300 м укрыты лістоўнічнымі і яловымі лясамі, вышэй зараснікі кедравага сланіку і горная тундра.
т. 15, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)